«САЮ́З АБАРО́НЫ ЎСТАНО́ЎЧАГА СХО́ДУ»,
падпольная антыбальшавіцкая арг-цыя ў Расіі ў канцы 1917 — пач. 1918. Створаны ў Петраградзе 23.11(6.12).1917 прадстаўнікамі правых эсэраў, нар. сацыялістаў, меншавікоў-абаронцаў і часткі канстытуцыйных дэмакратаў (кадэтаў); меў аддзяленні ў Маскве, Ноўгарадзе, Адэсе, Самары і інш. Мэта — выкарыстаць маючае быць 5(18).1.1918 адкрыццё Устаноўчага сходу для звяржэння ўлады бальшавікоў і аднаўлення дэмакр. ладу. Выдаваў «Известия Союза защиты Учредительного собрания», распаўсюджваў антыбальшавіцкія лістоўкі, арганізаваў 5—9 (18—22).1.1918 у Петраградзе і Маскве дэманстрацыі ў падтрымку Устаноўчага сходу (расстраляны ўладамі). Неўзабаве пасля разгону бальшавікамі Устаноўчага сходу [у ноч на 6(19).1.1918] «С.а.У.с.» спыніў існаванне.
т. 14, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)